20151103_143541

3 лістапада ў Менску прайшла прэзентацыя альтэрнатыўнай Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь, распрацаваная Інстытутам развіцця і сацыяльнага рынку па замове Беларускай Хрысціяскай Дэмакратыі.

У абмеркаванні палажэнняў Канцэпцыі прынялі ўдзел былы начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкаму, экс-старшыня рады Рэспубліканскага саюзу ЖКГ, эканаміст Іван Анташкевіч, былы кіраўнік Шклоўскай ЖКГ Рыгор Кастусёў, эксперт Фонда ім. Льва Андрэй Завадскі і аналітык Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку Зміцер Кухлей.

Актыўнымі ўдзельнікамі кругла стала выступілі таксама сустаршыні аргкамітэту БХД  Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, рэгіянальныя лідары аргкамітэту БХД і іншыя. Фактычна ўсе выступоўцы адзначылі неабходнасць правядзення рэформаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў бліжэйшыя гады.

Выканаўчы дырэктар Інстытута Зміцер Кухлей адзначыў, што фактычна ўсе бакі – і грамадзяне і дзяржава — зацікаўлены ў рэфармаванні ЖКГ, акрамя манапалістаў і чыноўнікаў гэтай сферы: “Ужо сёння беларускія сем’і поўнасцю аплочваюць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі наўпрост са сваіх кашалькоў, а іншыя датуюцца грувасткай і неэфектыўнай сістэме бюджэтам зноў жа праз нашыя падаткі. У выніку рэалізацыі распрацаванай Інстытутам Канцэпцыі мы можам значна зменшыць выдаткі грамадзян на сферу ЖКГ за кошт развіцця канкурэнтных адносін, спрашчэння грувасткай структуры, павелічэння ролі ўласнікаў у кіраванні сваёй нерухомасцю і змяншэння сабекошту паслуг”.

Пасля прэзентацыі альтэрнатыўнай Канцэпцыі было вырашана працягнуць яе дапрацоўку з улікам меркавання ўдзельнікаў круглага стала. Запрашаем таксама далучацца да абмеркавання альтэрнатыўнай Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь. Вы можаце спампаваць для азнаямлення тэкст Канцэпцыі (43 Kb) і дасылаць Вашыя прапановы на электронны адрас: abcbelarus@gmail.com

Канцэпцыя развіцця ЖКГ — адзін з 10-ці ключавых праектаў рэформаў “Урад для народа” (сістэма правасуддзя, фінансы, культура, адукацыя, войска, інфармацыя, мэдыцына, ЖКГ, пенсійная сістэма, энэргетыка), мэта якіх – рашучыя перамены і абарона незалежнасці Беларусі.