bastunec-andrey

Медыйная сфера Беларусі мае патрэбу ў пакрокавым структурным рэфармаванні. Пра гэта заявіў старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Андрэй Бастунец, прадстаўляючы 12 лістапада ў Мінску альтэрнатыўную канцэпцыю рэфармавання медыйнай сферы ў Беларусі, піша БелаПАН.

Канцэпцыя распрацавана ў рамках праекта «Урад для народа», які рэалізуе Інстытут развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (Літва) па замове аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Ён прадугледжвае распрацоўку дзесяці законапраектаў, якія тычацца асноўных напрамкаў развіцця грамадства і дзяржавы (культура, правасуддзе, адукацыя, ЖКГ і іншыя).

Па словах Бастунца, на першым этапе рэфармавання заканадаўства ў медыйнай сферы неабходна прыняць «неадкладныя арганізацыйныя і прававыя меры, якія здымуць неабгрунтаваныя перашкоды ў развіцці беларускіх СМІ і ліквідуюць празмерны дзяржаўны кантроль над імі».

Гэтыя змены, па яго словах, не патрабуюць ўнясення істотных змяненняў у дзеючае заканадаўства і могуць быць ажыццёўлены ў самыя кароткія тэрміны. У прыватнасці, адзначыў кіраўнік БАЖ, неабходна адмяніць папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», прынятыя ў снежні 2014; накласці мараторый на пазасудовае прымяненне санкцый да суб’ектаў СМІ, а таксама на пазасудовае блакаванне сайтаў; прыпыніць падрыхтоўку зменаў ва ўказ № 60 адносна адказнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за каментары карыстальнікаў; адмяніць патрабаванне абавязковай акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ і іншае.

На другім этапе рэфармавання прапануецца ўнесці змены ў дзеючае заканадаўства ў сферы СМІ, якія дазволяць наблізіць яго да дэмакратычных стандартаў. Напрыклад, прапануецца перайсці ад дазвольнага да паведамляльнага парадку рэгістрацыі СМІ; пазбавіць Міністэрства інфармацыі кантрольных функцый і паўнамоцтваў па ўжыванні санкцый да СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, выдаўцоў, распаўсюднікаў прадукцыі СМІ; прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі пералік інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены або абмежаваны.

На трэцім этапе, адзначыў Бастунец, варта рэфармаваць заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, у прыватнасці прыняць новы закон аб СМІ. Акрамя таго, прапануецца трансфармаваць дзяржаўную Белтэлерадыёкампанію ў Грамадскае тэлебачанне і вырабіць раздзяржаўленне дзяржаўных СМІ, выдавецка-паліграфічных магутнасцяў і сістэм распаўсюду друкаваных СМІ.