2

У Менску на круглым стале эксперты і актывісты абмеркавалі шляхі развіцця сістэмы аховы здароўя ў Беларусі. Мерапрыемства адбылося ў рамках ініцыятывы “Урад для народа”, што праводзіцца Інстытутам развіцця і сацыяльнага рынку па замове Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

 

Злева направа былыя і практыкуючыя медыкі: Уладзімір Караткоў, Іван Бедка (каардынатар БХД па Слоніму ), Іван Шэга.

Злева направа былыя і практыкуючыя медыкі: Уладзімір Караткоў, Іван Бедка (каардынатар БХД па Слоніму ), Іван Шэга.

Альтэрнатыўныя прапановы рэфармавання медыцынскай сферы распрацаваны палітолагам і практыкуючым доктарам – рэаніматолагам Андрэям Вітушкай. У абмеркаванні дакумента прынялі ўдзел — Іван Шэга, доктар-траўматолаг і распрацоўшчык адной з альтэрнатыўных канцэпцый рэфармавання сістэмы аховы здароўя, Алена Шабуня, адна з каардынатараў кампаніі БХД “За паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання” ў Віцебску, медык і каардынатар БХД па г. Слонім Іван Бедка, кіраўнік “Хрысціянска-дэмакратычнага руху” Вольга Кавалькова, сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец і інш.

Андрэй Вітушка

Андрэй Вітушка, палітолаг і практыкуючы лекар-рэаніматолаг

Распрацоўшчык альтэрнатыўнай канцэпцыі развіцця сферы аховы здароўя Андрэй Вітушка адзначыў, што медыцына павінна ў першую чаргу арыентавацца на патрэбы чалавека, а не дзяржавы.

Павел Севярынец

Павел Севярынец, сустаршыня БХД

Сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец падкрэсліў высокі ўзровень дыскусіі наконт накірункаў рэфармавання сістэмы аховы здароўя ў Беларусі: “Грунтоўны погляд на рэформу сістэмы аховы здароўя Андрэя Вітушкі і Івана Шэгі – якраз тая кардынальная прапанова, якую мае на мэце кампанія “Урад для народа”. Гэта людзі, якія могуць стаць сапраўдным маторам рэформы медыцыны”.

Алена Шабуня

Алена Шабуня, кіраўнік Сеньёрскай арганізацыі БХД па г. Віцебск

Кіраўнік Сеньёрскай арганізацыі партыі БХД па г. Віцебск Алена Шабуня адзначыла: “Сёння ў сферы медыцыны павінны адбыцца кардынальныя змены: кожны пацыент павінен мець магчымасць атрымаць своечасовую кваліфікаваную дапамогу доктара. У Віцебску, напрыклад, каб патрапіць да вузкага спецыяліста — акуліста, эндакрынолага, неўрапатолага – даводзіцца чакаць два ці нават больш месяцаў. Лічу, што праблемы не вырашаюцца  галоўным чынам з-за адыякавага стаўлення гарадскіх і абласных чыноўнікаў, а таксама незацікаўленасці так званых дэпутатаў палаткі. Сярод віцебскіх прадстаўнікоў у парламенце  — 6 дактароў. Мы ўжо некалькі гадоў праводзім кампанію за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання і запрашаем далучацца да яе кожнага жыхара Віцебска. Віцебскія сем’і заслугоўваюць лепшай якасці медыцынскага абслугоўвання!”     

Удзельнікі дыскусіі вырашылі працягнуць абмеркаванне напрамкаў рэфармавання сістэмы аховы здароўя ў наступным годзе. У тым ліку яны засведчылі гатоўнасць арганізаваць разнастайныя мерапрыемствы па гэтай тэматыцы з удзелам зацікаўленых асоб з розных грамадскіх і палітычных структур.

Запрашаем далучацца да абмеркавання альтэрнатыўнай Канцэпцыі рэфармавання сістэмы аховы здароўя частка 1 (421 Кб) і частка 2 (68,5 Кб) ў Рэспубліцы Беларусь. Вы можаце дасылаць Вашыя прапановы на электронны адрас: abcbelarus@gmail.com

Канцэпцыя развіцця сістэмы аховы здароўя — адзін з 10-ці ключавых праектаў рэформаў “Урад для народа” (сістэма правасуддзя, фінансы, культура, адукацыя, войска, інфармацыя, мэдыцына, ЖКГ, пенсійная сістэма, энэргетыка), мэта якіх – рашучыя перамены і абарона незалежнасці Беларусі.

Прэсавая служба Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы