22 верасня ў Мінску прайшла прэзентацыя Канцэпцыі рэформы эканамічнай сістэмы, арганізаваная Інстытутам дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы 

Распрацаваў канцэпцыю адзін з вядучых эканамістаў Беларусі, колішні кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч. Судакладчыкамі выступілі прэм’ер-міністр Беларусі ў 1994-96 гадах Міхаіл Чыгір, доктар эканамічных навук Леанід Заіка і кіраўнік “Хрысьціянскай дзелавой ініцыятывы”, сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук.
3
У абмеркаванні Канцэпцыі прынялі ўдзел як эканамісты, так і палітыкі, сярод якіх — Леанід Злотнікаў, Васіль Шлындзікаў, Андрэй Клімаў, Віктар Гарбачэўскі, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец  і іншыя.
2
Выканаўчы дырэктар Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку Зміцер Кухлей адзначыў: “У Канцэпцыі рэформы эканамічнай сістэмы прадугледжаны захады, якія неабходна прыняць як для поўнай змены сённяшняй эканамічнай палітыкі дзяржавы, так і для паляпшэння сітуацыі ў рамках існуючай сістэмы. Апошняя пяцігодка засведчыла сістэмны крізіс існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, на выклікі якога, як мы бачым, улады не здольныя знайсці адказ. Калі ўлады не зменяць свае падыходы, нас чакае далейшы эканамічны спад, рост беспрацоўя, зніжэнне даходаў насельніцтва і павелічэнне дзяржаўнага доўгу, які прыйдзецца выплочваць нашым дзецям.”

Абмеркаванне Канцэпцыі працягваецца і кожны беларускі грамадзянін можа прыняць у ім удзел. Вы можаце спампаваць для азнаямлення тэкст  аналітычнага дакумента «Канцэпцыя мадэрнізацыі эканамічнай сістэмы Беларусі» (201 Kb). Прапановы па рэформе эканамічнай сістэмы Беларусі можна дасылаць на наступны адрас — abcbelarus@gmail.com.

Даведка. Праект «Урад для народа» — гэта распрацоўка пакета рэформаў у найбольш важных для суверэнітэта і незалежнасці Беларусі сферах грамадскага жыцця. Гэтыя праекты неабходны для стварэння яснай і моцнай альтэрнатывы дзеючай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, якая перажывае ў апошнія гады сістэмны крызіс і ўжо не здольная гарантаваць стабільнае развіццё краіны.