pensions

Эксперты праекта “Урад для народа” распрацавалі прапановы па рэфармаванню існуючай пенсійнай сістэмы. Гэтыя меры павінны прывесці да стабільнай і паступовай трансфармацыі да размеркавальна-назапашвальнай мадэлі і стварэння гарантый для годнага жыцця на пенсіі сённяшніх работнікаў.

Відавочна, што існуючая размеркавальная сістэма зазнае крызіс, а ўрад прымае кароткачасовыя рашэнні па зняцці з дзяржавы сацыяльных абавязкаў перад грамадзянамі. Так, прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў указ № 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». Ім прадугледжваецца паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту — да 63 гадоў у мужчын і да 58 гадоў у жанчын. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2017 года.

Прапановы экспертаў праекта “Урад для народа” прадугледжваюць увядзенне назапашвальных рахункаў для работнікаў у дадатак да дзеючых размеркавальных механізмаў. Незалежныя аналітыкі лічаць адным з першачарговых крокаў перадачу ў назапашвальны пенсійны фонд часткі сродкаў ад прыватызацыі стратных і акцый прыбытковых дзяржпрадпрыемстваў. Гэта дазволіць ужо зараз адкрыць для ўсіх грамадзян, у тым ліку пенсіянераў, персанальныя назапашвальныя рахункі з доляй сродкаў ад прыватызацыі.

Дзяржаўныя прадпрыемствы стануць сапраўднай народнай уласнасцю, калі кожны грамадзянін будзе мець непасрэдны прыбытак для сваёй пенсіі ад валодання доляй акцый праз пенсійны фонд.

Ужо зараз павялічыць узровень даходаў старэйшага пакалення без дадатковай нагрузкі на пенсійны фонд можна за кошт адмяны для працуючых пенсіянераў узносаў у ФСЗН і паніжаючых каэфіцыэнтаў.

Ва ўмова крызісу пенсійнай сістэмы варта таксама адмовіцца ад “прывілеяваных саслоўяў” пры размеркаванні пенсійных сродкаў. Гэта значыць забяспечыць аднолькавы ўзровень пенсій для ўсіх катэгорый грамадзян без залежнасці ад іх былога статусу.

Прапановы экспертаў праекта “Урад для народа” ўключаюць:

  • Пераход ад размеркавальнай пенсійнай сістэмы да размеркавальна-назапашвальнай сістэмы, якая будзе складацца з трох узроўняў. Першы ўзровень пенсійнай сістэмы складуць сацыяльныя пенсіі, другі — працоўныя (страхавыя) пенсіі і трэці — дадатковыя недзяржаўныя пенсіі.
  • Празрысты і просты механізм разліку пенсій, каб кожны працоўны мог разумець і разлічыць сваю пенсію самастойна.
  • Перадача ў Назапашвальныя пэнсійныя фонды (НПФ) не менш за 25% акцый буйных дзяржпрадпрыемстваў або 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржмаёмасці.
  • Аб’яднанне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і яго органаў на месцах з органамі ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта дазволіць накіраваць дадатковыя сродкі ў Пенсійных фонд за кошт скарачэння чыноўнікаў і ўпраўленчых выдаткаў.
  • Развіццё прыватных пенсійных інвестыцыйных фондаў, што дасць магчымасць атрымліваць дадатковы прыбытак і павялічваць страхавыя пенсійныя выплаты.
  • Перагляд механізмаў адлічэнняў у ФСЗН і НПФ. Кожны работнік павінен мець свой персанальны рахунак, на які адлічваюцца пенсійныя (страхавыя) выплаты (каля 6,5% ад заробку).
  • Пераразмеркаванне абавязковай страхавой нагрузкі паміж працадаўцам і працаўніком, што павысіць канкурэнтаздольнасць бізнесу, адказнасць і зацікаўленасць работніка.
  • Зніжэнне падатковай нагрузкі на прадпрыемства і аднясенне страхавых узносаў па дадатковых пенсіях на сабекошт пры адлічэнні як у дзяржаўныя, так і недзяржаўныя пэнсійныя фонды.
  • Увядзенне сістэмы надбавак да пенсіі асобам, якія маюць не менш за двух дзяцей.
  • Заканадаўчае рэгуляванне сістэмы пажыццёвай рэнты. Пажылы чалавек павінен мець дзяржаўныя гарантыі ў выпадку перадачы сваёй нерухомасці ў абмен на ўтрыманне і дагляд да канца жыцця.

Пры гэтым, абавязовай умовай правядення пенсійнай рэформы з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкага ўзроўню інфляцыі, стварэнне развітага фінансавага рынку і фармаванне інстытуцыйнай базы сістэмы назапашвання, а менавіта кампаній, дэпазітаў, кантрольных і наглядных органаў.