Праект «Урад для народа»

Праект «Урад для народа» — гэта пакет рэформаў, накіраваных на хуткія змены ў найбольш важных для суверэнітэта і незалежнасці Беларусі сферах грамадскага жыцця. Гэтыя праекты з’яўляюцца запатрабаванымі для стварэння яснай і моцнай альтэрнатывы дзеючай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, якая перажывае ў апошнія гады сістэмны крызіс і ўжо не здольная гарантаваць стабільнае развіццё краіны.

Распрацоўка дакументаў па рэфармаванню дзяржаўнай палітыкі ў найбольш важных сферах грамадскага жыцця адбываецца ў тры этапы:

а) замова асноўных тэкстаў вядучым экспертам беларускай незалежнай супольнасці;

б) абмеркаванне і ўдасканальванне на круглых сталах;

в) міжнародная экспертыза законапраектаў спецыялістамі з Чэхіі, Літвы, Польшчы, Грузіі.

На працягу ліпеня– снежня 2015 г. адбылося складанне, распрацоўка і абмеркаванне 10 законапраектаў, канцэпцый і аналітычных дакументаў у наступных сферах:

  1. Адукацыйная сфера — альтэрнатыўны законапраект «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (163 Kb) пад рэдакцыяй Уладзіміра Дунаева.
  2. Культурная палітыка — альтэрнатыўны законапраект «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (330 Kb) пад рэдакцыяй Алега Трусава.
  3. Жыллёва-камунальная гаспадарка — альтэрнатыўная Канцэпцыя развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 — 2020 (2022) г.г. пад рэдакцыяй Змітра Кухлея.
  4. Судовая сістэма — альтэрнатыўная Канцэпцыя судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (66 Kb) пад рэдакцыяй Міхаіла Пастухова.
  5. Энэргетычная бяспека Канцэпцыя альтэрнатыўных крыніц паставак паліва ў Беларусь пад рэдакцыяй Станіслава Гусака.
  6. Эканамічная палітыка— альтэрнатыўная Канцэпцыя мадэрнізацыі эканамічнай сістэмы (201 Kb) пад рэдакцыяй Станіслава Багданкевіча.
  7. Нацыянальная бяспека і абарона— альтэрнатыўны праект закона «Аб абароне ў Рэспубліцы Беларусь» (67 Kb) пад рэдакцыяй Андрэя Паротнікава.
  8. Сістэма аховы здароўя — альтэрнатыўная Канцэпцыя развіцця сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь пад рэдакцыяй пад рэдакцыяй Андрэя Вітушкі (прэзентацыя частка 1 (421 Кб) і частка 2 (68,5 Kb).
  9. Пенсійная сістэма — альтэрнатыўная Канцэпцыя развіцця пенсійнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь пад рэдакцыяй Вольгі Кавальковай (прэзентацыя — 7,28 Мb).
  10. Інфармацыйная палітыка — альтэрнатыўная Канцэпцыя рэфармавання медыйнай сферы (81 Kb) пад рэдакцыяй старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца.

Прэзентацыя пакета дакументаў запланавана на студзень 2016 г.

Ключавая асаблівасць праекту «Урад для народа» у адрозненні ад існуючых «Рэфорума» і «Дыялога па мадэрнізацыі» — стварэнне базіснага пакету рэформаў для кардынальнай і хуткай змены сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, здольнай гарантаваць умовы для захавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы.

Досвед Украіны паказвае, што наяўнасць планаў рашучых рэформаў у выпадку нечаканых зменаў можа мець выратавальнае значэнне для краіны. Найбольш яскравым прыкладам такіх крокаў у нашым рэгіёне з’яўляюцца эканамічныя і сацыяльныя рэформы ў Грузіі, праведзеныя прэзідэнтам М. Саакашвілі, а таксама ўкраінская грамадская ініцыятыва «Рэанімацыйны пакет рэформ«.