Зміцер КухлейЕС

Рэспубліканскае кіраўніцтва імкнецца стымуляваць ініцыятыву мясцовых уладаў у пошуку дадатковых крыніц фінансавання сацыяльна-культурнай сферы і развіцця рэгіёнаў за кошт міжнароднага супрацоўнацтва і праграм еўрапейскай падтрымкі. Ва ўмовах скарачэння бюджэтных сродкаў афіцыйны Мінск становіцца больш адкрытым для атрымання дапамогі з боку Еўрасаюза. Рэспубліканскія ўлады дэманструюць большую схільнасць да змены сваіх падыходаў і паляпшэння выніковасці працы, аднак інэртнасць і закрытасць мясцовай вертыкалі стрымлівае больш эфектыўнае выкарыстанне сродкаў ЕС для развіцця рэгіёнаў.

Аднымі з найбольш відавочных эфектаў маюць праекты па развіццю турыстычных кластараў у беларускіх рэгіёнах, у тым ліку за кошт удзелу ў трансгранічных праграмах еўрапейскай пыдтрымкі “Латвія-Літва-Беларусь” і “Польша-Беларусь-Украина”. Гэтыя ініцыятывы аказалі ўплыў на рашэнне беларускага кіраўніцтва адмяніць візы для замежнікаў спярша для наведвання Белавежскай пушчы, а потым Гродна, Гродзенскага раёна і Аўгустоўскага канала ў 2016 годзе. На пачатку гэтага года афіцыйны Мінск увёў бязвізавы рэжым на пяцідзённы тэрмін для грамадзян 80 дзяржаў. Пры гэтым, прадстаўнікі беларускага МЗС не выключаюць магчымасці павялічыць гэты тэрмін да 12 дзён. Аднак эфекты ад супрацоўніцтва па еўрапейскіх праграмах у рэгіянальным развіцці, павелічэння ўзаемадачыненняў паміж мясцовымі ўладамі, бізнэсам і грамадзянскай супольнасцю не такія відавочныя.

Дэлегацыя ЕС у Беларусі завяршыла 1 чэрвеня гэтага года прыём праектных заявак па ініцыятыве “Садзейнічанне ў развіцці патэнцыялу і партнёрскіх адносін грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады Рэспублікі Беларусь”. Гэтая ініцыятыва рэалізуецца ў рамках тэматычных праграм “Арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады” і Еўрапейскі інструмент дэмакратыі і правоў чалавека з памерам еўрапейскага фінансавання для Беларусі ў аб’ёме EUR 6,85 млн. Па словах кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын з 2007 па 2017 гады Еўрасаюз выдзеліў больш за 40 млн еўра на падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і амаль 10 млн еўра — на падтрымку дзейнасці мясцовых уладаў.

Пакуль цяжка сказаць аб эфектыўнасці еўрапейскай палітыкі ўцягвання афіцыйнага Мінску, якая стала пераважаць пасля ўкраінскага крызісу ў брусельскіх падыходах у адносінах з Беларуссю. Хутчэй за ўсё, верагодны эффект у дзейнасці і змене падыходаў у працы мясцовых органаў улады магчымыя толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. Так, для атрымання дапамогі рэспубліканскае кіраўніцтва вымушана пагадзіцца з высновамі прадстаўнікоў ЕС, што дзяржаўныя праграмы па рэгіянальным развіцці з канца 1990-х гадоў не мелі ўстойлівага эфекту. Еўрапейцы прапануюць, а беларускія ўлады нібыта пагаджаюцца замяніць гэтае планаванне на тэрытарыяльна-арыентаваны падыход, які паказаў сваю эфектыўнасць у іншых краінах Еўропы. Так, вынікі працы ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” павінны стаць асновай для распрацоўкі нацыянальных і рэгіянальных планаў устойлівага развіцця.

Аднак якасць распрацаваных беларускімі ўдзельнікамі стратэгій развіцця сваіх рэгіёнаў дзякуючы еўрапейскай падтрымцы нават на абласным узроўні падпадае пад справядлівую крытыку асобных спецыялістаў, ужо не зважаючы на дакументы базавых і першасных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Гэта звязана з тым, што афіцыйны Мінск дабіваецца відавочных паслабленняў і карэкціроўкі ўмоў супрацы па еўрапейскіх праграмах дапамогі для Беларусі.

Прынамсці, беларускія ўлады маюць магчымасць уплываць на вызначэнне ініцыятыў, якія могуць атрымаць падтрымку ў рамках еўрапейскіх праграм. З жорсткай цэнтралізаванасцю беларускай улады і яе закрытасцю гэта прыводзіць да выключэння з працэсу грамадзянскай і экспертнай супольнасці, якая не звязаная з рэгіянальнай і мясцовай вертыкаллю. У сваю чаргу падрыхтоўка спецыялістаў мясцовых органаў улады не адпавядае еўрапейскім падыходам, а працягвае па-ранейшаму выкарыстоўваць адаптаваны да сучаснай дзяржаўнай палітыкі савецкі досвед.

Варта адзначыць, што ў гэтым годзе завяршыўся асноўны конкурс мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС / ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» у 30 пілотных раёнах па ўсёй Беларусі. З падтрыманых 126 праектаў большасць выпадае на дзяржаўныя ўстановы — 45,3%, некамерцыйныя арганізацыі — 26,2% (грамадскія арганізацыі, фонды, саюзы і інш) і сельвыканкамы — 20,6%.

Акрамя дзяржаўных устаноў і вертыкалі сярод бенефіцыяраў еўрапейскай падтрымкі ёсць праекты, асноўнымі заяўнікамі якіх з’яўляюцца GoNGO — раённыя арганізацыі РГА “Белая Русь” і БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы, ветэранская арганізацыя і інш. Іх структуры наўпрост дублююць у грамадскім сектары вертыкаль улады і пра справядлівую канкурэнцыю арганізацый незалежнай грамадзянскай супольнасці з такімі заяўнікамі казаць не выпадае. Прычым значная колькасць незалежных НДА была ліквідавана ўладамі яшчэ ў 2000-х, а новыя грамадскія арганізацыі маюць мізэрныя шанцы атрымаць рэгістрацыю і адпаведна ўдзельнічаць у конкурсах.

Улады скіроўваюць еўрапейскую падтрымку ў тыя сектары, якія найбольш зазналі скарачэнне бюджетнага фінансавання ў апошнія гады —  на ўстановы фізічнай культуры і спорта, культуры, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання, у сельскую мясцовасць. Аднак зноў жа асноўная мэта для мясцовай вертыкалі застаецца не змена падыходаў у кіраванні, большая адкрытасць і падсправаздачнасць выбарцам, а прыцягненне і асвойванне дадатковых фінансавых сродкаў у найбольш праблемных сферах і тэрыторыях. Жыхары гарадоў і раёнаў не абіраюць сваіх мэраў,  з чым і звязана адсутнасць ініцыятывы сярод кіраўніцтва мясцовых органаў улады. Уладная вертыкаль падсправаздачна прэзідэнту А. Лукашэнка, а яе асноўнай задачай з’яўляецца прадухіленне сацыяльных пратэстаў і забеспячэнне неабходных вынікаў падтрымкі на выбарах. Несці дадатковую адказнасць за прынятыя рашэнні па развіцці сваіх рэгіёнаў кіраўніцтва мясцовых органаў улады не хоча. У сваю чаргу за адсутнасць ініцыятывы на месцах пакаранняў не прадугледжана, а прэзідэнцкая вертыкаль прызвычаілася дзейнічаць у звышцэнтралізаванай уладнай сістэме.

Відавочна, што беларускае кіраўніцтва працягне і далей імкнуцца адаптоўваць міжнародныя праграмы дапамогі для Беларусі ў адпаведнасці з традыцыйнай цэнтралізаванасцю ўладнай сістэмы і прадубляванай у грамадскім сектары вертыкальнай сістэмы GoNGO. Гэта прадугледжвае спробы афіцыйнага Мінску навязваць супрацоўніцтва па еўрапейскіх праграмах з мясцовымі дзяржаўнымі ўстановамі і GoNGO з выключэннем незалежнай грамадзянскай супольнасці з працэсу. Аднак беларускія ўлады дэманструюць зацікаўленаць у еўрапейскай тэхнічнай дапамозе і паляпшэнню адносін з Еўрасаюзам. Гэта дазваляе еўрапейскім прадстаўнікам быць болей настойлівымі на рэалізацыі ў Беларусі праграм у рамках Еўрапейскага інструмента дэмакратыі і правоў чалавека на ўніверсальных падыходах.

Паводле сайта «Наше мнение«