• “Не чалавек для ўрада, а ўрад для чалавека”
  • Роля дзяржавы ў жыцці грамадства ў хрысціянскай дэмакратыі паміж лібералізмам і сацыял-дэмакратыяй

Традыцыйна лічыцца, што з вучэння папы Льва ХІІІ пачынаецца фармаванне новай канцэпцыі дзяржавы, якая ў адрозненне ад ліберальнай канцэпцыі дзяржавы як “начнога вартаўніка”, патрабавала ад яго выканання сацыяльных функцыяў, у прыватнасці, садзейнічання ажыццяўленню “агульнага дабра”. Хрысціянская дэмакратыя была натуральнай апазіцыяй сацыялістычнай ідэялогіі, якая засноўваецца на калектывізме і ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. патрабавала сацыяльнай рэвалюцыі. Спалучаючы індывідуалізм і калектывізм і выступаючы за сацыяльную гармонію, хрысціянская дэмакратыя да сённяшняга дня захавала сацыяльную скіраванасць свайго вучэння.

Разуменне дзяржавы і яе сацыяльнай ролі ў хрысціянскай дэмакратыі можна разглядаць праз параўнанне з іншымі ідэйнымі кірункамі сучаснасці. Для сацыял-дэмакратыі і сацыялізму ў цэлым характэрна перабольшванне ролі і магчымасцяў дзяржавы ў грамадстве. На дзяржаву ўскладаюцца функцыі сацыяльнага забеспячэння, жорсткага эканамічнага рэгулявання і ўсе выдаткі, звязаныя з грамадскім развіццём. Для лібералізму і ў меншай ступені для кансерватызму ўласціва арыентацыя на мінімальную дзяржаву. У якасці асноўнай рухаючай сілы развіцця выступае прыватная ініцыятыва і канкурэнцыя. Хрысціянская дэмакратыя займае ў разуменні ролі дзяржавы прамежкавае становішча паміж ліберальнымі і сацыялістычнымі канцэпцыямі.

Хрысціянская дэмакратыя адзначае сур’ёзныя выняткі ў дзяржаўным рэгуляванні, якое часам накладае неапраўданыя абмежаванні на функцыяванне грамадства. Дамінаванне дзяржавы пагражае свабодзе асобы і сацыяльных інстытутаў. З іншага боку, дзяржава не можа абмежавацца роллю “начнога вартаўніка”. Дзяржава мусіць выконваць сацыяльную ролю ў гарманізацыі грамадскіх адносінаў.