Беларускі хрысціянскі палітычны рух паўстаў у пач. ХХ ст. ў асяродках беларускіх студэнтаў-тэолагаў і семінарыстаў. У 1913 г. быў створаны Беларускі гурток студэнтаў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі. Ініцыятарамі стварэння гуртка ў 1911-1912 гг. былі беларускія студэнты Генрык Бэта, Люцыян Хвецька, Павел Пякарскі. Сярод іншых у гурток увайшлі Станіслаў Шырокі, Ян Францук, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Ігнат Жаўняровіч. З восені 1914 г. членамі гуртка сталі новыя студэнты акадэміі: Адам Станкевіч, Віктар Шутовіч, Карл Лупіновіч і Міхал Пятроўскі. У 1914 г. беларускі гурток налічваў 11 членаў (усяго ў акадэміі было 70 студэнтаў). У 1915 г. прыбылі Антон Матвейчык і Антон Неманцэвіч, у 1916 — Павел Хоміч, у 1917 — Язэп Пяткевіч.

Першым старшынём гуртка быў Павел Пякарскі, а сакратаром — Вінцэнт Гадлеўскі. Восенню 1914 г., калі ў акадэмію паступіў Адам Станкевіч, вопытны арганізатар і дзеяч беларускага гуртка ў Віленскай духоўнай семінарыі, ён быў выбраны сакратаром акадэмічнага гуртка, а ў 1916 г., пасля выезду Пякарскага з Пецярбурга, яго старшынём. Станкевіч кіраваў працай гуртка да 1918 г., у чым яму дапамагаў як сакратар Язэп Пяткевіч.

Асноўнай мэтай гуртка было фармаванне нацыянальнай самасвядомасці яго членаў, а таксама навучэнцаў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. Галоўныя кірункі дзейнасці гуртка, паводзіны і абавязкі яго членаў вызначаў статут, які зацвярджаўся сенатам акадэміі.[1] Важнейшай сферай дзейнасці гуртка была самаадукацыя яго членаў у галіне беларусазнаўства — гісторыі, мастацкай літаратуры і музыкі. Гэта павінна было спрыяць росту іх нацыянальнай культуры, самасвядомасці і паўплываць на выпрацоўку кірункаў грамадскай працы. З такой мэтай беларускія студэнты заахвочваліся карыстацца адпаведнай літаратурай у навуковых бібліятэках Пецярбурга. Значную дапамогу ў гэтай справе аказваў ім Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які дазваляў карыстацца і ўласнымі кніжнымі калекцыямі. Дзякуючы грашовай дапамозе княгіні Магдалены Радзівіл студэнты набывалі кнігі аб Беларусі і заснавалі ўласную бібліятэку.

Хрысціянская дэмакратычная злучнасць (ХДЗ) была заснавана ў траўні 1917 г. у Петраградзе. Напачатку ХДЗ аб’ядноўвала невялікія гурткі беларускай інтэлігенцыі з настаўнікаў, слухачоў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, клерыкалаў Мінска.
Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-палітычнай дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. На з’ездзе беларускага каталіцкага духавенства (24-25 траўня 1917 г.) адным з галоўных пытанняў была дзейнасць беларускай каталіцкай партыі. У прынятай рэзалюцыі адзначалася, што «з’езд дамагаецца аўтаноміі ў Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы». Прадстаўнікі хрысціянскіх дэмакратаў уваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнічалі ў Першым Усебеларускім з’ездзе ў Менску ў снежні 1917 г. У 1918 годзе хрысціянскія дэмакраты віталі акт абвяшчэння незалежнай БНР.

Першапачаткова сувязі ХДЗ з сялянствам былі нязначныя. У пач. 1920-х гг. яе гурткі існавалі ў Дзісне, Друі, Іказні, Барадзенічах, Шаркоўшчыне, Ашмянах, Барунах. Іх арганізатарамі былі ксяндзы Ф. Абрантовіч, В. Ташкун, А. Станкевіч, М. Пятроўскі, Я. Германовіч і інш., якія вялі культурна-асветную работу выключна сярод беларусаў-католікаў. У выніку гэтага ў 1920 налічвалася крыху больш за 500 сяброў ХДЗ. У якасці актыўнага ўдзельніка Беларускага нацыянальнага камітэта (ад ХДЗ у яго ўваходзіў В. Гадлеўскі), а ў далейшым і Вялікай Беларускай Рады ХДЗ падтрымлівала Часовы ўрад А. Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да Савецкай улады. На І з’ездзе ХДЗ (люты 1918, Петраград) гаварылася, што ў адносінах да такіх народаў, як літоўцы, латышы, беларусы і ўкраінцы, трэба стаяць на грунце поўнага іх самавызначэння.

Рэвалюцыйныя настроі, якія пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ахалілі працоўных і пэўныя колы беларускай інтэлігенцыі, у т.л. духавенства, адбіліся і на змесце 1-й праграмы ХДЗ, прынятай у 1920 у Мінску. У 2-м яе пункце падкрэслівалася, што «хрысціянская дэмакратыя змагаецца перад усім з капіталізмам, у каторым бачыць адну з найважнейшых прычын беднасці і галечы працоўных мас і хоча завесці такі лад, каб кожнаму чалавеку магчыма было сваёй працай здабыць сабе хлеб патрэбны і карыстацца з усяго культурнага багацця».