Ад пачатку 1920-х гг. Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць дзейнічала пад назвай Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У гэты перыяд фарміравалася яе ідэалогія. На думку Адама Станкевіча, “палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай”. У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця беларускай нацыі, адмаўленне класавай барацьбы.
За час свайго існавання БХД прайшла эвалюцыю ад арганізацыі клерыкальнага кірунку да свецка-клерыкальнай палітычнай партыі. Усе пяць праграм БХД, пачынаючы з 1920 г., адстойвалі асновы дэмакратычнага ладу, у тым ліку прыватную ўласнасць. 2-я праграма (1927) дэкларавала, што «БХД імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». У 4-й праграме (1932) падкрэслівалася, што «БХД прынцыпова супраць аддзялення касцёла ад дзяржавы і змагаецца з палітыкай, што выкарыстоўвае рэлігію для палітычных мэтаў, або падтрымлівае адну рэлігію супраць другой». Адзначалася таксама абавязковасць вывучэння рэлігіі «як у школах урадавых, так і ў школах прыватных». Больш выразна апошнія праграмы БХД ставілі сацыяльныя пытанні, як вынік працэсу радыкалізацыі, што ахапіла нізавыя гурткі партыі. Так, у §34 абноўленай 4-й праграмы адзначана, што «ўсе землі, перавышаючыя працоўную норму, перадаюцца ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам». Змяшчаліся патрабаванні 8-гадзіннага рабочага дня, права на забастоўку, стварэння рабочых камітэтаў з правам нагляду за вытворчасцю і прыбыткамі і інш.

3 мэтай пашырэння сацыяльнай базы партыі ў чэрвені 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК) як філіял БХД. Пры дапамозе розных гаспадарчых і культурна-асветных мер (выдача грашовых пазык, стварэнне сялянскіх кааператываў і інш.) рабіліся спробы ўзмацніць уплыў БХД сярод сялян. 3 гэтай жа мэтай на II (1927) і III (1928) з’ездах партыі было падкрэслена, што сябрамі БХД з’яўляюцца не толькі беларусы-католікі, але і праваслаўныя. 3 ліку тых і другіх выбіраўся склад членаў ЦК БХД. Гэта спрыяла колькаснаму росту партыі.

На IV з’ездзе БХД (1931, самы шматлікі і апошні) прысутнічалі 101 прадстаўнік і 24 госці ад Ашмянскага, Баранавіцкага, Браслаўскага, Валожынскага, Ваўкавыскага, Вілейскага, Віленска-Трокскага, Дзісенскага, Лідскага, Пастаўскага і Сакольскага паветаў. На працягу 1931-34 колькасць гурткоў БІГіК вырасла з 12 да 51 (налічвалі 937 чал.). Паступова БХД заняла лідзіруючае становішча ў Беларускім нацыянальным камітэце сярод партыяў і груп беларускага нацыянальнага лагера. Да сярэдзіны 1930-х гг. яна засталася адзінай беларускай нацыянальнай партыяй, якая захавала і павялічыла свой колькасны склад.

БХД