3 2-й пал. 1920-х гадоў Беларуская хрысціянская дэмакратыя бярэ курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-палітычную арганізацыю на грунце агульнахрысціянскай ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы БХД на Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА). У склад новага ЦК БНА (выбраны ў студзені 1936) увайшлі А. Клімовіч, Я. Пазняк, Я. Малецкі, М. Дварэцкі, Я. Найдзюк, Я. Шутовіч, В. Нарановіч-Бабарыка, Я. Чарнецкі, Я. Ярмаковіч, М. Казаровіч; у яго прэзідыум — Я. Пазняк (старшыня), С. Грынкевіч (1-ы віцэ-старшыня), М. Дварэцкі (2-і віцэ-старшыня), А. Клімовіч.

Змена назвы партыі павінна была паказаць незалежнасць ад кліра і прэтэнзію на аднаасобнае палітычнае прадстаўніцтва беларускага народа. У якасці галоўнай палітычнай мэты ў праграме падкрэслівалася імкненне БНА да таго, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы да эксплуатацыі адных другімі, забяснечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян. БНА супраць дыктатуры капіталізму фашызму і камунізму». Выхад з цяжкага становішча працоўных кіраўніцтва БНА бачыла ў арганізацыі кааператываў, асветна-гаспадарчых гурткоў, бібліятэк-чытальняў і інш. У праграме гаварылася, што «БНА да сваіх мэт ідзе дарогай арганізацыі, усведамлення беларускага сялянства, работнікаў і інтэлігенцыі, на аснове грамадскай роўнасці і справядлівасці і беларускай народнай культуры». Кіраўнікі БНА у зямельным пытанні па-ранейшаму лічылі хутарскую сістэму «найбольш адпаведнай формай прыватнай зямельнай гаспадаркі». Праграма адзначала, што «БНА, стоячы на прынцыпе самастанаўлення народаў, імкнецца да самастойнасці беларускага народа ва ўсіх яго этнаграфічных землях, аб’яднаных у незалежную дзяржаву». У намечаных шляхах вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем было шмат супярэчлівага. Кіраўнікі БНА прэтэндавалі трэці шлях грамадскага развіцця, які не знайшоў канкрэтнага адлюстравання ў палітычных праграмах партыі.

Кіраўніцтва БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ стварыць адзіны фронт барацьбы супраць курсу польскіх улад на дэнацыяналізацыю беларускага насельніцтва. Аднак у лютым 1936 паміж БІГіК і Таварыствам беларускай школы (знаходзілася пад уплывам КПЗБ) было заключана пагадненне пра адзінства дзеянняў у справе барацьбы за школу на роднай мове. Гэта выклікала раскол, у чэрвені 1936 кансерватыўна настроеная частка членаў БНА не прыняла ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварыла т.зв. Беларускі народны фронт (БНФ) на чале з В. Гадлеўскім.

Адначасова польскія ўлады пільна сачылі за любымі праявамі апазіцыйных настрояў сярод беларускага нацыянальнага лагера. У снежні 1936 паводле пастановы Віленскага староства спынена дзейнасць БІГіК. З-за ганенняў і ўціску з боку польскай адміністрацыі ў 1937 спынілася выданне «Беларускай крыніцы». У 1938 забаронены віленскі Беларускі нацыянальны камітэт. Пераследаваліся многія актывісты БНА. У выніку да канца 1930-х г. дзейнасць БНА была моцна аслаблена.
Пасля ўз’яднання Беларусі, у 1939-40 гг. многія лідары і актывісты БНА за сваю дзейнасць былі рэпрэсаваныя савецкім, а пасля і нацысцкім рэжымам, у 1940 г. партыя спыніла сваё існаванне.

Летам 1943 г. ў выніку аб’яднання членаў БНА (на чале з С. Грынкевічам), Партыі беларускіх нацыяналістаў (пад кіраўніцтвам Я. Станкевіча) і некалькіх іншых, больш дробных, груп створана нелегальная арганізацыя пад назвай Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднанне. Яна арыентавалася на супрацоўніцтва з польскім падполлем, шырокай дзейнасці разгарнуць не здолела.