Адлік часу нараджэння хрысціянскай дэмакратыі ў даследаваннях розных аўтараў не аднолькавы. У асобных працах яе нараджэнне звязваецца з Вялікай французскай рэвалюцыяй, калі на Нацыянальным сходзе “канстытуцыйныя” святары пакляліся ў вернасці Канстытуцыі і заявілі, што першым дэмакратам быў Ісус. Безумоўна дадзены факт немагчыма лічыць нараджэннем хрысціянскай дэмакратыі, але ён з’яўляецца першым крокам у працяглым працэсе станаўлення хрысціянска-дэмакратычнага руху.

У далейшым перыяд станаўлення хрысціянскай дэмакратыі звязваўся з даследаваннямі рэлігійнага філосафа, абата, аднаго з пачынальнікаў хрысціянскага сацыялізму Фелісітэ-Рабэра Ламэнэ. У 1830 г. выйшла яго кніга “Будучыня”, у якой была зроблена першая спроба знайсці нешта аб’ядноўваючае хрысціянства і дэмакратыю.

Важнай вехай на шляху станаўлення хрысціянскай дэмакратыі з’яўляецца еўрапейскі дэмакратычны рэвалюцыйны пад’ём 1848 г. Вострыя супярэчнасці гэтага перыяду выклікалі да жыцця рэлігійна-палітычныя погляды, якія складаліся ў пошуку хаўрусу паміж Царквой і народам, пошуку палітыкі згоды паміж каталіцызмам і дэмакратыяй, праграмы супрацоўніцтва паміж працай і капіталам, ўдзелу ў прыбытках, развіцця працоўных асацыяцыяў.

У цэлым гісторыя станаўлення хрысціянскіх палітычных арганізацыяў не мае аднолькавай карціны. Першыя палітычныя аб’яднанні хрысціянска-дэмакратычнага тыпу, якія былі ўтвораны каля 1830 г. у Бельгіі, Францыі і Ірландыі, па сваёй сутнасці насілі ліберальна-дэмакратычны характар. Французскія і нямецкія, якія ўзніклі пасля 1848 г., мелі прыкметы кансерватыўна-манархічнай ідэалогіі. Хрысціянскія партыйныя ўтварэнні, якія з’явіліся ў Італіі ў канцы XIX ст., насілі рысы “сацыялістычных партыяў”. Вялікую ролю ў развіцці хрысціянска-дэмакратычнай ідэі ў XIX ст. адыграла каталіцкае сацыяльнае вучэнне, якое ўяўляла сабой рэакцыю на класічны эканамічны лібералізм, які выклікаў збядненьне шырокіх слаёў насельніцтва. Сацыяльны каталіцызм таго часу знаходзіўся на пазіцыях пралетарскага меншасці. Каталікі адкінулі веру лібералаў ў працэс, у выніку якога з індывідуальнага эгаізму нібыта павінна аўтаматычна паўстаць сацыяльная гармонія. Пад уплывам сацыяльнага каталіцызму хрысціянская дэмакратыя XIX ст. увабрала ў сябе эмацыйна выражаны антылібералізм. Гэта было характэрна, перш за ўсё, для ірландскіх, бельгійскіх і нямецкіх хрысціянскіх палітычных утварэннях сярэдзіны XIX ст. Англійскі гісторык і сацыёлаг А. Д. Тойнбі (1889-1975) называў гэтыя палітычныя аб’яднанні “пралетарскімі партыямі”. Да сённяшняга дня ў левым крыле асобных хрысціянска-дэмакратычных партыяў захавалася непрыязнасць да палітыкі ліберальнай рынкавай гаспадаркі.

На працягу ўсяго XIX ст., а таксама і пазней адносіны паміж хрысціянска-дэмакратычнымі палітычнымі аб’яднаннямі і Цэрквамі складваліся дастаткова ня проста. Царква, нягледзячы на глыбокія грамадскія змены, з’яўлялася па сваёй прыродзе асабліва кансерватыўным інстытутам і працягвала прапаведаваць феадальную дактрыну перавагі духоўнай улады над свецкай. Амаль стагоддзе (ХІХ) афіцыйная Царква супрацьпастаўляла сябе буржуазна-дэмакратычным і ліберальным дактрынам і знаходзілася ў цесным хаўрусе з канстытуцыйнымі і абсалютнымі манархіямі Еўропы.