Ідэя хрысціянскай дэмакратыі мае глыбокія гістарычныя карані , якія сягаюць у канец XVIII — пачатак XIX ст. Аднак само паняцце “хрысціянская дэмакратыя” з’явілася значна пазней. У аснове праграм і практычнай дзейнасці розных аб’яднанняў і партыяў, якія адносяць сябе да хрысціянскіх дэмакратаў, ляжыць хрысціянскае вучэнне, што і з’яўляецца вызначальным для гэтага руху. Аднак ідэі хрысціянства не прапаноўвалі палітычных рэцэптаў, і ўзнікненне хрысціянскіх партыяў у Еўропе не было выклікана імкненнем ажыццявіць на практыцы нейкую існуючую ў хрысціянскім вучэнні тэарэтычную канцэпцыю фармавання дзяржавы і грамадства. Хрысціянскія ідэі не маглі быць указаннем да палітычнага дзеяння, якога патрабавала развіццё грамадства. Аднак у аснове рашэння палітычных задач знаходзіліся хрысціянскія каштоўнасці, якія мелі глыбокія карані ў свядомасці людзей і якія сталі крыніцай канцэпцыі хрысціянскай дэмакратыі. Хрысціянская дэмакратыя зыходзіла з палажэнні аб тым, што грамадска–эканамічны лад не можа быць у “разводзе” з этычнымі прынцыпамі , што неабходны ўдзел хрысціянаў у кіраванні грамадствам з мэтай унясення ў яго жыццё хрысціянскай духоўнасці і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Дадзены падыход і з’яўляецца галоўнай адметнай рысай рухаў і партыяў хрысціянска-дэмакратычнай арыентацыі ад іншых грамадска -палітычных плыняў.

Паняцце хрысціянскай дэмакратыі, якая ўзнікла на Еўрапейскім кантыненце, спачатку суадносілася з ідэальнай карцінай ранняга хрысціянства. У той перыяд “хрысціянская дэмакратыя” мела пераважна ўнутрыцаркоўныя значэнне. Яна ставіла перад сабой мэту ажыццявіць ўнутрыцаркоўныя рэфармаванне, дамагаючыся дэмакратычнай арганізацыі супольнай структуры і паслаблення царкоўнай іерархіі. Гэта былі першыя крокі ў кірунку дэмакратызацыі царкоўнага жыцця ў адпаведнасці з правобразам пурытанскі – англіканскай Царквы. Выразнікі ідэі «хрысціянскай дэмакратыі » спадзяваліся, што Царква , якая прайшла шлях дэмакратызацыі, акажа больш глыбокі ўплыў на жыццё грамадства. У гэтым выяўлялася спроба рэлігійнага самасцвярджэння з дапамогай палітычных сродкаў. Да гэтага варта дадаць, што ў часы Французскай рэвалюцыі прыхільнікі дэмакратычных пераўтварэнняў выкарыстоўвалі паслабленне грамадскага становішча Царквы , што выклікала працэс секулярызацыі. І ўжо з пачатку XIX ст. адносіны паміж Царквой і дэмакратыяй насілі на кантыненце напружаны характар , які будзе захоўвацца яшчэ многія дзесяцігоддзі .

Наадварот, у Англіі і Амерыцы ідэя дэмакратыі глыбока ўкаранілася ў пурытанскай веры, у мадэлі парафіяльнай царквы, якая не мела іерархічных структур. Тут “хрысціянская дэмакратыя” не стала прапагандысцкім лозунгам партыйна-палітычнага руху. У англасаксонскіх краінах была распрацавана мадэль дзяржавы, якая прадугледжвае аддзяленне палітыкі ад рэлігіі, Царквы ад дзяржавы, а на кантыненце ішоў працэс ўзнікнення секулярызаванай нацыянальнай дзяржавы з прычыны барацьбы супраць абсалютызму, які ўладарыць як у Царкве, так і ў палітычнай сферы, што і прывяло да ўзнікнення першых палітычных рухаў.