(1919 г. – да 2-й сусветнай вайны)

Пасля Першай сусветнай вайны Ватыкан даў згоду на стварэнне каталіцкіх партыяў. Іх паўстала мноства: Народная партыя Італіі, Народна-сацыяльная партыя Іспаніі, Народная партыя Чылі і інш. На практыцы гэтыя партыі больш імкнуліся да абароны дэмакратычных свабод, чым рэлігійных інтарэсаў. Многія з гэтых партыяў сталі адкрытыя для прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесіяў.

Разам з тым, у той перыяд грамадства страціла веру ў прагрэс і рацыянальны палітычны парадак. Папа Пій XI лічыў, што дэмакратыя не ў сілах служыць дамбай супраць камуністычнай хвалі і высунуў тэзіс аб неабходнасці вяртання грамадзянскай супольнасці ў Валадарства Хрыста, што, у прыватнасці, патрабавала вярнуць царкве прывілеяванае месца ў грамадстве. У абмен на некаторае (часта фармальнае) прызнанне сваёй улады, Ватыкан пайшоў на кампраміс з дыктатарскімі рэжымамі. Заключэнне Латэранскіх пагадненняў паміж Мусаліні і Ватыканам ў 1929 г. значна ўзмацніла ўплыў прыхільнікаў аўтарытарызму сярод каталікоў. Пій XI не даў свайго поўнага адабрэння італьянскаму фашысцкаму карпаратызму, але ахарактарызаваў яго як крок у правільным кірунку. Адносіны з Нямеччынай былі больш цяжкімі ў сілу лютай атакі нацызму на традыцыйную мараль. Аднак у цэлым распаўсюджванне клерыкальнага аўтарытарызму на Партугалію, Аўстрыю і Іспанію ў 1930-я гг., а пазней і на акупаваную Францыю, спачатку атрымала падтрымку з боку каталіцызму ў кантынентальнай Еўропе як сродак для прадухілення распаўсюджвання бальшавізму.

У 1931 г. Пій XI выпусціў энцыкліку “Quadragesimo Anno”, якая ўнесла ўдакладненні ў дактрыну хрысціянскай дэмакратыі. Энцыкліка пацвердзіла каштоўнасць годнасці асобы і права на прыватную ўласнасць. Аднак у ёй падкрэслівалася, што гэта права павінна суадносіцца з патрэбамі агульнага дабра і што эканоміка павінна грунтавацца на прынцыпе сацыяльнай салідарнасці, а не на нястрымнай канкурэнцыі і ўзаемнай эксплуатацыі. Царква выступіла ў абарону здольнасці грамадства да самаарганізацыі, але наўзамен ліберальнаму тэзісу пра свабоду асобы абвясціла “прынцып субсідыярнасці”.

Адначасова каталіцкія філосафы Жак Марытэн і Эмануэль Мунье ў сваіх працах ахарактарызавалі бягучы крызіс як доказ неабходнасці вяртання да збалансаванага грамадства, заснаванага на ідэі агульнага дабра і персаналізму. Яны выступалі за падвышэнне духоўнай ролі царквы ў жыцці грамадства, за гарманічныя адносіны паміж царквой і дзяржавай, за абарону асобы з яе правамі і абавязкамі .

У 1942 г. крайняя ступень гвалту з боку нацыстаў і патрыятызм каталікоў на акупаваных тэрыторыях прывялі да таго, што нават нямецкія і італьянскія каталікі пачалі схіляцца на карысць антыфашызму. У апошнія гады вайны амаль увесь каталіцызм у Заходняй Еўропе трапіў пад уплыў рухаў супраціву.