(пасля 2-й сусветнай вайны)

Па заканчэнні Другой сусветнай вайны ў свядомасці насельніцтва Заходняй Еўропы адбыліся значныя зрухі. Дыктатарскія рэжымы захаваліся толькі ў Партугаліі і Іспаніі, у той час як ваенная, палітычная і эканамічная моц засяродзілася ў руках СССР і ЗША. Сацыял-дэмакратычныя і камуністычныя партыі набылі значную вагу, дзякуючы іх ўнёску ў перамогу над фашызмам і дзякуючы іх прызнанню неабходнасці захавання правоў чалавека, што першапачаткова было ўласціва палітычнаму і культурнаму лібералізму. З іншага боку, вера ў “амерыканскі лад жыцця”, г. зн, прыватнае прадпрымальніцтва, была падарваная.

У гэтых умовах папа Пій XII стаў прыхільнікам канцэнтрацыі ўлады з дапамогай масавых палітычных партыяў і ідэалогіі. Ватыкан ўбачыў, што лібэральная дэмакратыя мае шэраг пераваг. Па-першае, яна гарантуе свабоду грамадскіх арганізацыяў. Па-другое, яна заснаваная на выразе волі большасці і пры гэтым абараняе правы меншасцяў, што выгадна для царквы незалежна ад яе месца ў грамадстве. У сваім калядным звароце 1944 г. Пій XII абвясціў ліберальную дэмакратыю натуральнай палітычнай формай, найбольш блізкай да хрысціянскіх ідэалаў.

Рымска-каталіцкая царква адмовілася ад патрабаванняў прывілеяў для сябе і замест гэтага стала заклікаць да шырокай некамуністычнай кааліцыі ўсіх дэмакратычных сіл, да ўсеагульнай цярпімасці і павагі да грамадзянскіх свабодаў. Новая канцэпцыя асобы (персаналізм) выступала за гуманізм у процівагу таталітарызму. Істотны ўплыў на ідэалогію хрысціянскай дэмакратыі аказала канцэпцыя сацыяльнай рынкавай гаспадаркі, распрацаваная пратэстанцкім сябрам Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Нямеччыны Людвігам Эрхардам. Царква таксама выступіла за большую свабоду для грамадскіх арганізацыяў у процівагу этатызму і за разумнае рэгуляванне эканомікі. Хоць на словах дактрына па-ранейшаму супрацьпастаўляе сябе эканамічнаму лібералізму, яна ўвабрала ў сябе важнейшыя палажэнні палітычнага лібералізму: падзел уладаў, прававая дзяржава і г. д.

У якасці сваёй апоры Ватыкан абраў каталіцкіх левых, якія карысталіся вялікім прэстыжам дзякуючы іх барацьбе з фашызмам, што дазволіла хрысціянскім дэмакратам сфармаваць імідж паўсюдных праціўнікаў таталітарызму. Партыі дамагліся трывалай падтрымкі з боку жанчын, дробных прыватных уласнікаў і ў сельскіх раёнах. Царква таксама заклікала дараваць калабарацыяністам і нацыстам, каб прыцягнуць іх на свой бок. У той жа час правых палітычных канкурэнтаў было мала, бо радыкальныя правыя рухі і іх ідэалогіі былі большай часткай дыскрэдытаваныя. У выніку хрысціянскія дэмакраты дамагліся уражлівых вынікаў на першых пасляваенных выбарах у Заходняй Еўропе. Прынцыпы мадэрнізаванай хрысціянскай дэмакратыі знайшлі адлюстраванне ў канстытуцыях Францыі, Італіі і Федэратыўнай рэспублікі Нямеччыны (ФРН), якія былі прынятыя ў 1946-1949 гг. Гэтыя прынцыпы спалучалі ў сабе палітычны лібералізм, пераважна змешаную эканоміку, дэмакратыю і імкненне да кансэнсусу. Каб падкрэсліць апошняе, хрысціянскія дэмакраты называлі сябе “міжкласавай партыяй”, заснаванай не на канфесійнай прыналежнасці, а на культурных каштоўнасцях, якія падзяляла грамадства ў цэлым.

У 1961 г. папа Ян XXIII выдаў энцыкліку “Mater et Magistra”, якая падвяла вынік пад зменамі ў каталіцкай сацыяльнай дактрыне. Энцыкліка прадставіла дактрыну як шлях да аднаўлення грамадскіх адносін на аснове праўды, справядлівасці і любові. Ўхваляючы рост сацыяльнага дабрабыту, папа папярэджваў аб небяспецы для асабістай волі, якая сыходзіла ад празмернага дзяржаўнага рэгулявання эканомікай. Папа Ян XXIII заклікаў рабочых набываць акцыі фірмаў, на якія яны працуюць. Ён таксама выказаў меркаванне, што развітыя краіны павінны аказваць гуманітарную дапамогу тым краінам, якія пакутуюць ад недахопу ежы і пры гэтым асудзіў каланіялізм.

Гаворачы пра рэлігійныя патрэбы чалавека, папа не пагадзіўся з меркаваннем, што яны з’яўляюцца анахранізмам, і падкрэсліў іх важнасць для асабістай ініцыятывы і недапушчэння тыраніі. Да 1970-х гг. хрысціянска-дэмакратычныя партыі дамінавалі ў палітыцы Італіі і ФРН. Яны таксама гралі важную ролю ў Бельгіі, Нідэрландах, Люксембургу, Аўстрыі і Швайцарыі. Рэальна палітыка, якая праводзіцца на практыцы апынулася правацэнтрысцкай. Менавіта хрысціянскія дэмакраты апынуліся найбуйнейшай сілай, якая выступала супраць поўнага дзяржаўнага кантролю над эканомікай. У 1970-я гг. іх пазіцыі аслаблі, аднак у 1980-я зноў ўзмацніліся, паколькі іх ідэя пра адзінства чалавецтва апынуліся сугучнай імкненню да міжнароднай кансалідацыі. Хрысціянска-дэмакратычныя палітыкі Рабер Шуман і Альчыдэ дэ Гасперы заклалі аснову для працэсу стварэння Еўрапейскага саюза. У выніку Еўрапейская народная партыя стала вядучай правацэнтрысцкай сілай у Еўрапейскім парламенце. Аднак працэс кансалідацыі таксама прывёў да таго, што ў блок ўвайшлі умерана-кансерватыўныя партыі, якія ўсё цяжэй ідэнтыфікаваць як хрысціянска-дэмакратычныя (напрыклад, Іспанская народная партыя ці “Наперад, Італія”). На сённяшні дзень усе транснацыянальныя партыі і аб’яднанні з удзелам хрысціянскіх дэмакратаў таксама ўключаюць прадстаўнікоў і іншых рухаў.

У канцы 1980-х і пачатку 1990-х хрысціянскія дэмакраты гралі прыкметную ролю ў станаўленні парламенцкай дэмакратыі ў краінах Усходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі. Іх партыі дамагліся поспеху на выбарах ва Ўсходняй Нямеччыне, Славеніі, Венгрыі, Славакіі, Чылі.

У пазіцыі каталіцкай царквы таксама адбыліся зрухі. Іерархія ўсвядоміла неабходнасць выкарыстання напрацовак у галіне свецкіх сацыяльных, палітычных і эканамічных навук.

У энцыкліцы “Centesimus Annus” (“Соты год”, 1991) папа Ян Павел II пацвердзіў прыхільнасць царквы ідэалам дэмакратыі і прававой дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што дэмакратыя павінна абапірацца на маральныя каштоўнасці і што ў адсутнасць праўды свабода губляе самыя свае падставы. Таму найважнейшым з правоў чалавека Ян Павел II лічыў права жыць па праўдзе сваёй веры. Папа рымскі таксама раскрытыкаваў рэалізацыю сацыяльнай дзяржавы за празмернае ўмяшанне ва ўнутранае жыццё грамадства, за парушэнне прынцыпу субсідыярнасці.