(кан. ХІХ ст. – да 1-й сусветнай вайны)

У другой палове XIX ст. шырокае развіццё набыў працоўны рух, значнае распаўсюджванне атрымалі ідэі сацыялізму, абвастрылася класавая барацьба, востра паўстала пытанне аб прыватнай уласнасці, класавай няроўнасці ў свеце, што падрывала пазіцыі Царквы, якая бараніла старыя грамадскія адносіны. У сувязі з пашырэннем і паглыбленнем новых сацыяльных з’яў у Царкве сталі нарастаць тэндэнцыі, якія паказваюць на неабходнасць змены царкоўнай іерархіяй свайго стаўлення да грамадскіх працэсаў, якія імкліва развіваліся. Першым па шырокаму колу сацыяльных пытанняў выказаў сваю пазіцыю папа рымскі Леў XIII, у энцыкліцы “Rerum Novarum”, апублікаванай 15 траўня 1891 г. Яна стала ідэалагічнай дэкларацыяй Ватыкана, першай сацыяльнай энцыклікай каталіцкай царквы, у якой была сфармуляваная пазіцыя Царквы ў адносінах да шэрагу сацыяльна-палітычных праблем і якая стала важным этапам у працэсе развіцця каталіцкага сацыяльнага вучэння.

Згодна з палажэннямі, якая вылучана ў энцыкліцы, Царква стварыла ўласную мадэль, з яе пункту гледжання, ідэальных сацыяльна-эканамічных адносін. Царква ўяўляла сябе абаронцай людзей працы. У энцыкліцы быў безумоўна асуджаны сацыялізм. На думку Льва XIII, варта было адкінуць і адрынуць любы сацыялістычны прынцып, згодна з якім ўсякая прыватная ўласнасць павінна перайсці ў рукі дзяржавы і ператварыцца ў грамадскі набытак. Леў XIII адмовіўся ад традыцыйнага царкоўнага тэзіса аб першынстве царкоўнай улады над свецкай.

Палажэнні энцыклікі “Rerum Novarum” былі ўспрынятыя не толькі як патрабаванне правядзення сацыяльных рэформ, але і больш шырока – як неабходнасць ажыццяўлення палітычных пераўтварэнняў у грамадстве, што стала самым моцным штуршком у развіцці хрысціянска-дэмакратычнай ідэі. Да гэтага часу сучасная хрысціянская дэмакратыя спасылаецца на энцыкліку “Rerum Novarum” як на сваю асноўную ідэалагічную крыніцу. У энцыкліцы “Rerum Novarum” абвяшчалася пра палітычна нейтральную пазіцыю царквы, але пры гэтым абвяшчалася новая сацыяльная дактрына і ўводзілася паняцце “народнае каталіцкае дзеянне”. Пад гэтым разумеўся арганізаваны каталікамі рух з канкрэтнай праграмай для вырашэння праблем маламаёмасных. Паводле задумы папы Льва ХІІІ, рух павінен быў абапірацца на каталіцкую дактрыну і арганізацыю, але пры гэтым факусаваць сваю актыўнасць у галіне сацыяльных пытанняў, якія хвалююць людзей. Новая дактрына сцвярджала, што свабода неаддзельная ад грамадскіх абавязацельстваў і заклікала каталікоў аднавіць грамадскую актыўнасць. Тым самым Ватыкан разлічваў аднавіць свой уплыў з дапамогай кантролю над прыхажанамі ў тых галінах, куды іерархію не пускалі. Папа рымскі асудзіў галечу працоўнага класа, усклаўшы адказнасць за яе на эканамічны лібералізм. Пры гэтым ён таксама асудзіў сацыялізм, матэрыялізм і дактрыну пра класавую барацьбу як ілжывы шлях, які бярэ свой пачатак цалкам з адмаўлення лібералізму. У адпаведнасці з бачаннем Царквы у грамадстве павінна панаваць салідарнасць паміж класамі. Канцэпцыя класавага міру ўвайшла ў гісторыю пад назвай карпаратывізму. Царква адмаўляла роўнасць у грамадстве, лічачы няроўнасць натуральным законам. Прызнавалася права на розныя формы прыватнай уласнасці, як адпаведнае “натуральнаму праву”, устаноўленаму Богам. Узамен папа прапанаваў ствараць прафесійныя гільдыі, якія б дазволілі аб’яднаць разам работнікаў і працадаўцаў. Папа Леў XIII таксама ўхваліў рабочыя саюзы, калі толькі яны не чыняць забастоўкі.

З канца XIX ст. Царква ўжо пастаянна звяртаецца да выкладу сваіх пазіцыяў па важных грамадскіх праблемах у энцыкліках, якія атрымалі назву сацыяльных. У самой каталіцкай Царквы стаўленне да пазацаркоўнага хрысціянскага палітычнага руху заставалася ранейшым. У 1901 г. папа Леў III апублікаваў энцыкліку “Graves de Communi”, у якой дактрына атрымала назву “хрысціянская дэмакратыя”. Назва руху падкрэслівала яго цэнтрысцкі характар. Напярэдадні апублікавання энцыклікі разглядаліся і іншыя варыянты, у прыватнасці “хрысціянскі сацыялізм”. Але ў пасланні ўдакладнялася, што са сферы каталіцкага сацыяльнага руху выключалася любая палітычная дзейнасць. Гэта палажэнне энцыклікі адыграла адмоўную ролю менавіта ў той момант, калі з’явілася перспектыва рашуча павярнуць у бок развіцця палітычнага каталіцызму. Рух распаўсюдзілася на Францыю, Нямеччыну, Італію, Бельгію, Нідэрланды і іншыя краіны. У 1919 г. была заснавана Міжнародная канфедэрацыя хрысціянскіх прафсаюзаў з штаб-кватэрай ва Ўтрэхце. Спачатку каталіцкія прафсаюзы былі супраць забастовак, аднак з часам сталі да іх звяртацца, хоць і радзей, чым сацыялістычныя прафсаюзы. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ў гэтых арганізацыях было каля двух мільёнаў працоўных.

З іншага боку, гэтаму леваму крылу ў каталіцтве супрацьстаялі буйныя ўласнікі, значная частка сярэдняга класу і большасць духавенства. Спачатку каталіцкая царква не вітала стварэнне палітычных партыяў хрысціянска-дэмакратычнай скіраванасці, больш аддаючы перавагу грамадскай актыўнасці каталіцкіх арганізацыяў.

Пасля папа Пій X неаднаразова спрабаваў ўнесці карэктывы. Ён прызнаў, што нельга грэбаваць пытаннямі сацыяльнай справядлівасці (мінімальнай зарплаты, максімальнай працягласці працы, абавязковага страхавання працы, прапарцыянальнага дзялення прыбытку). Разам з тым, Пій X таксама не хацеў палітызацыі руху і падкрэсліваў яго палітычную нейтральнасць. Аднак яго намаганні ў гэтай галіне апынуліся беспаспяховымі.

Палітычны характар хрысціянскай дэмакратыі мацнеў і каталіцкія арганізацыі набіралі палітычную вагу, што абумоваіла стварэнне палітычных партыяў хрысціянскай дэмакратыі. Падчас канфесійнага перыяду ўтвараліся арганізацыі – каталіцкія прафсаюзы, группы каталіцкага дзеяння, а потым і палітычныя партыі па прыкмеце прыналежнасці да каталіцкай царквы. Таму гэты перыяд называецца канфесійным. Пазней хрысціянская дэмакратыя выйдзе за межы вузкага канфесійнага напрамку свайго развіцця.