Палітычныя аб’яднанні па канфесійнаму прынцыпу ўзнікалі ў еўрапейскіх краінах яшчэ да афармленне хрысціянска-дэмакратычнага руху. Аднім з найбольш ранніх і выразных прыкладаў канфесійнага палітычнага аб’яднання была каталіцкая Нямецкая партыя Цэнтра (Цэнтр), якая ўтварылася ў снежні 1870 года. Сваю назву партыя атрымала ад каталіцкай фракцыі, якая ў 1850-1860-я гады дзейнічала ў Парламенце Прусіі. Яе прадстаўнікі займалі цэнтральную частку парламента, знаходзячыся паміж кансерватарамі справа і лібераламі злева, адсюль пайшла яе назва – “фракцыя Цэнтра”. Пасля ўтварэння ў 1875 Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі яна сапраўды апынулася ў цэнтры спектру палітычных сілаў.
У 1871 годзе нямецкія землі былі аб’яднаныя ў адну дзяржаву – Нямецкі райх, у якім дамінуючае становішча займала пратэстанцкая Прусія. З’яўленне партыі Цэнтра было абумоўлена асцярогамі каталіцкай царквы страціць свае традыцыйныя прывілеяваныя пазіцыі ў імперыі, бо пасля аб’яднання нямецкіх земляў каталіцкае насельніцтва апынулася ў меншасці. Партыя Цэнтра мела вялікі ўплыў у Паўднёвай і Заходняй Нямеччыне, сярод каталіцкага насельніцтва Эльзаса і Латарынгіі, польскіх земляў. Канфесійны прынцып арганізацыі партыі дазваляў ёй не арыентавацца на асобныя сацыяльныя групы і спрыяў прытоку сябраў з усіх слаёў грамадства, якія імкнуліся разам адстойваць свае інтарэсы ў імперыі.

Партыя Цэнтра рашуча выступала супраць празмернага кантролю канцлера Ота фон Бісмарка над грамадскім жыццём, за федэралізм, і прыцягвала да сябе прыхільнікаў, падкрэсліваючы неабходнасць абароны аўтаноміі каталікоў. У сваёй праграме і рэальнай палітыцы Цэнтр быў гэтак жа кансерватыўны, як і кансерватары-пратэстанты. Але наяўнасць сярод яго выбаршчыкаў вялікай колькасці шэраговых каталікоў падахвочвала партыю вылучаць сацыяльныя патрабаванні. Цэнтр, у адрозненне ад іншых партыяў, быў строга арганізаваны, абапіраўся на разгалінаваную сетку каталіцкіх саюзаў і аб’яднанняў. Ён прапаведаваў хрысціянска-сацыяльныя ідэі, выхоўваў у сваіх прыхільнікаў непрыманне індустрыялізацыі, выступаў за захаванне асаблівага, блізкага да карпаратыўнага ладу жыцця каталікоў. Асаблівую непрыязнасць партыя адчувала да ідэй сацыялізму, лібералізму і да іх носьбітаў.

Пік ўплыву партыі Цэнтра прыйшоўся на 1870-я гады – Перыяд барацьбы канцлера Бісмарка з каталіцкай царквой, калі яна, падвяргаючыся ганенням, здолела стварыць сабе вобраз “пакутніцы”; за яе ў гэтыя гады галасавала да 80% выбаршчыкаў-каталікоў. Па меры змякчэння канфлікту паміж дзяржавай і каталіцкай царквой апазіцыйнасць Цэнтра памяншалася.
Партыя Цэнтра была адной з самых уплывовых палітычных партыяў не толькі часоў Нямецкага райху 1871 – 1918 гадоў, але і падчас Ваймарскай рэспублікі.

Пасля лістападаўскага рэвалюцыі 1918 году і падзення манархіі партыя Цэнтра атрымала другое месца на выбарах у Нацыянальны сход Нямеччыны і стала адным з асноўных аўтараў Ваймарскай канстытуцыі, дабіўшыся роўных правоў для каталікоў і пратэстантаў і гарантыяў незалежнасці каталіцкай царквы ў Нямеччыне. Партыя Цэнтра прымала ўдзел амаль ва ўсіх кааліцыйных ўрадах Ваймарскай Нямеччыны (часцей за ўсё ёй даставаліся пасады міністра фінансаў і міністра працы). Пасля прыходу да ўлады Гітлера партыя Цэнтра спыніла сваё існаванне. Пасля 2-й сусветнай вайны большасць прыхільнікаў партыі Цэнтра стала электаральнай базай новай партыі – Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу, які аб’яднаў каталікоў і пратэстантаў.