Персаналізм (ад лац. Persona – асоба) – кірунак у філасофіі, які прызнае асобу першаснай творчай рэальнасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет – праявай творчай актыўнасці вярхоўнай асобы – Бога.

У персаналізме робіцца акцэнт на непаўторнасці і максімальнай каштоўнасці асобы як такой. Развіваецца мыслярамі як каталіцкай, так і збольшага пратэстанцкай арыентацыі, у адзінкавых выпадках афармляюцца на базе праваслаўя ці як пазаканфесійнага кірунку. Адной з цэнтральных ідэяў у разуменні асобы з’яўляецца думка пра ўключанае існаванне, якое азначае актыўны дыялог хрысціян з сучаснасцю, уцягванне вернікаў у сацыяльныя рухі на баку прагрэсіўных сіл; рэлігійнае светаразуменне заклікана гуляць ролю канструктыўнага фактару ў пераўтварэнні свету на гуманістычных асновах.