Вытокі хрысціянскай дэмакратыі ўзыходзяць да XIX ст. – перыяду мабілізацыі каталікоў у адказ на ўзнікненне ліберальнага капіталізму. Прамы выклік царквы, кінуты Французскай рэвалюцыяй, прымусіў каталікоў ўспрыняць дэмакратычныя палітычныя формы і ўстаць на абарону сваіх інтарэсаў, заахвочваючы стварэнне каталіцкіх асацыяцыяў (у прыватнасці, каталіцкіх саюзаў і школ). Галоўныя традыцыйныя інстытуты хрысціянства, такія як сям’я і гарманічны грамадскі парадак, падвяргаліся двайной атацы: па-першае, з боку індустрыялізацыі і ліберальнай палітыкі laissez-faire (палітыкі неўмяшання ў эканоміку) і, па-другое, з боку няўхільнай тэндэнцыі рэгулявання дзяржавай грамадскага жыцця.
Ідэя хрысціянскай дэмакратыі паступова набывае палітычны характар з 30-40-х гадоў ХІХ ст. Яе асновай стала неабходнасць спалучаць хрысціянскую пазіцыю, каштоўнасці і лад жыцця з палітычнай рэчаіснасцю. Гэта патрабавала выпрацоўкі пэўнай дактрыны, якая б дазваляла не толькі выказаць хрысціянскія перакананні на асабістым узроўні, але надаць ім сацыяльна-палітычны напрамак праз пэўнае бачанне грамадскіх адносінаў, структуры грамадсва і стратэгіі яго развіцця.

Пачынаючы з 1850-х гадоў Ватыкан заахвочваў стварэнне так званых “Каталіцкіх груп дзеяння”, якія праводзілі кампаніі па абмежаванню ўлады адзінай італьянскай дзяржавы, якая пачынала стварацца, і буйных палітычных каталіцкіх груп у нямецкамоўных раёнах Еўропы.

Ідэйным афармленнем новага руха стала энцыкліка рымскага папы Льва XIII (1891) “Rerum Novarum” (“Пра новыя рэчы”), якая вызваліла каталіцызм ад маральнай апазіцыі дэмакратыі і стымулявала далейшую палітычную мабілізацыю каталікоў. Тэрмін “хрысціянская дэмакратыя” упершыню з’явіўся ў энцыкліцы папы Льва ХІІІ “Graves de communi” (1901).
Энцыклікі 1891 і 1901 гадоў выклікалі актывізацыю разнастайных хрысціянскіх груп у каталіцкай Еўропе (Бельгія, Італія, Цэнтральная Еўропа), якія паступова афармляюцца ў палітычныя партыі (у тым ліку і парламенцкія). З гэтага часу хрысціянская дэмакратыя ператвараецца з сапраўдны палітычны рух, які будзе аказваць заўважны ўплыў на палітыку ў Еўропе, а пасля 2-й сусветнай вайны хрысціянская дэмакратыя ператворыцца ў адну з самых ўплывовых палітычных сіл.