У пачатку 2000-х гадоў паўстала ініцыятыва па адраджэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ініцыятыва пазыцыянавала сябе як сіла, што грунтуе сваю дзейнасць на хрысціянскіх каштоўнасцях і беларускім патрыятызме. У адрозненні ад сваіх папярэднікаў, сучасная БХД пазыцыянуе сябе як міжканфэсіянальная партыя, арыентаваная таксама на праваслаўных вернікаў і пратэстантаў.

Арганізацыйны камітэт партыі пачаў актыўную працу ў 2005 годзе. У яго ўвайшлі як ужо вядомыя ў Беларусі дэмакратычныя палітыкі-хрысціяне, так і новыя грамадскія лідэры. Сустаршынямі БХД сталі: Георгі Дмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Шэін.

На пачатку 2009 года Аргкаміэтам па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” было прынятае рашэнне аб неабходнасці правядзення Устаноўчага з’езду і дзяржаўнай рэгістрацыі партыі.
Цягам студзеня/лютага па ўсёй краіне адбываліся рэгіянальныя сходы сяброў БХД, дзе вылучаліся дэлегаты на Устaноўчы з’езд. Усяго было вылучана 205 дэлегатаў.

28 лютага ў Менску, у Палацы культуры “МАЗ” адбыўся Устаноўчы з’езд партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. На з’ездзе прысутнічалі 204 дэлегата, а таксама госці, прадстаўнікі СМІ – агулам больш за 600 чалавек. На з’ездзе былі прынятыя Праграма і Статут Партыі, абранае кіраўніцтва – Нацыянальная Рада і сустаршыні.
12 сакавіка 2009 году дакуманты, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі, Партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» былі перададзены ў Міністэрства юстыцыі. Але 12 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі.

Паводле заяваў кіраўніцтва партыі, рашэнне не мела пад сабой прававой базы. Таму заснавальнікі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” падалі пазоў у Вярхоўны суд адносна рашэння Міністэрства юстыцыі.
22 ліпеня, суддзя Вярхоўнага суда выказаўся за тое, каб пакінуць рашэнне мінюсту без змяненняў. Лідэры БХД адразу назвалі гэтае рашэнне палітычным. Разам з тым, паводле заяўлення адказнага сакратара партыі Дзяніса Садоўскага, БХД плануе працягваць сваю дзейнасць нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай рэгістрацыі.

На сходзе Нацыянальнай Рады, які адбыўся 25 ліпеня 2009 году ў Менску, было прынятае рашэнне аб паўторнай спробе рэгістрацыі партыі. Аднак ні другі (2009), ні трэці (2010) і ні чацверты (2011) з’езды БХД не прынеслі партыі дзяржаўнай рэгістрацыі. Сапраўднай прычынай адмовы рэгістрацыі былі палітычныя прычыны, бо аргкамітэт выконваў усе неабходныя патрабаванні для рэгістрацыі партыі.

14307

Асноўныя кампаніі БХД

  1. Кампанія па абароне правоў на свабоду сумлення
  2. Кампанія барацьбы з акультызмам
  3. Кампанія “Пакаянне”
  4. Кампанія “Люблю Беларусь!”
  5. Рада народных дэпутатаў: на варце народных інтарэсаў
  6. Кампанія “Моцная сям’я – моцная Беларусь”

ПРЫНЦЫПЫ ДЗЕЙНАСЦІ БХД

  • Дыскрымінацыя па рэлігійнай, нацыянальнай, сацыяльнай і інш. прыкметах недапушчальная ў працы партыі. Гэты прынцып азначае, што партыя не праводзіць адбор прэтэндэнтаў на сяброўства ў партыі, а таксама кандыдатаў на кіроўныя пасады ў партыі на аснове рэлігійнай нацыянальнай ці сацыяльнай прыналежнасці. Таксама як і не прагандуе меры па дыскрымінацыі.
  • БХД не змагаецца супраць чалавека, а змагаецца супраць зла, за Беларусь на хрысціянска- дэмакратычным падмурку.
  • БХД – неканфэсійная партыя. Гэты пранцып азначае, што БХД не адлюстроўвае інтарэсы якой-небудзь канфесіі, а з’яўляецца выражальніцай шырокіх грамадскіх слаёў – прадстаўнікоў розных канфесіяў і людзей, якія не адносяцца ні да якой канфесіі.
  • У межах БХД забароненая ўласна рэлігійная дзейнасць. Гэты прынцып азначае, што БХД не з’яўляецца рэлігійнай арганізацый і па закону і па сваім прызначэнні не можа займацца рэлігійнымі пытаннямі. БХД ставіць выключна палітычныя мэты, сярод якіх галоўная – гэта прыход да ўлады і пабудова грамадскага ладу на аснове хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў.
  • Рэалізацыя праграмных мэтаў і прынцыпаў БХД ўнутры партыйных структураў. Гэты прынцып азначае, што ўсе каштоўнасці, якія БХД дэкларуе ў сваёй праграме, яна імкнецца рэалізаваць і ў партыйным жыцці. Да такіх каштоўнасцяў адносяцца дэмакратызм у прыняцці рашэнняў і абранні кіраўніцтва, субсідыярнасць у прыняцці рашэнняў, адсутнасць дыскрымінацыі і павага да іншага меркавання.
  • БХД выступае за негвалтоўныя метады барацьбы.
  • БХД – народная партыя. Праца БХД накіравана не на лабіяванне інтарэсаў нейкай одной группы беларускага грамадства, а на абарону канстытуцыйных правоў кожнага грамадзяніна Беларусі незалежна ад рэлігійных ці палітычных перакананняў, пабудову грамадства на аснове хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў.